помнік бел. летапісання пач. 17 ст. Захаваўся ў адзіным спісе, які зберагаецца ў Дзярж.гіст. музеі ў Маскве. Складзены ў мяст. Баркулабава (цяпер в.Баркалабава Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.), як мяркуюць, мясц. святаром Ф.Філіповічам. Ахоплівае перыяд 1545—1608, сістэматычнае апісанне падзей пачынаецца з 1564 — ад заснавання Баркалабам Корсакам вёскі і замка. Змяшчае занатоўкі пра мяст. Баркулабава і яго ваколіцы, дзярж. і прыватныя дакументы, нар. легенды і паданні. Шмат звестак пра жыццё, побыт, звычаі сялян, міграцыю насельніцтва, цэны на с.-г. прадукцыю, стыхійныя бедствы. Расказвае пра грамадска-паліт. і рэліг. жыццё Беларусі і Расіі канца 16 — пач. 17 ст. Аўтар асвятляў падзеі з патрыят. пазіцый чалавека, блізкага да нар. нізоў. Напісаны жывой вобразнай і каларытнай бел. мовай.